К Тарасов - Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)

На нашем литературном портале можно бесплатно читать книгу К Тарасов - Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке), К Тарасов . Жанр: История. Онлайн библиотека дает возможность прочитать весь текст и даже без регистрации и СМС подтверждения на нашем литературном портале fplib.ru.
К Тарасов - Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
Название: Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)
Автор: К Тарасов
Издательство: неизвестно
ISBN: нет данных
Год: неизвестен
Дата добавления: 27 январь 2019
Количество просмотров: 193
Читать онлайн

Помощь проекту

Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке) читать книгу онлайн

Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке) - читать бесплатно онлайн , автор К Тарасов
1 ... 13 14 15 16 17 ... 22 ВПЕРЕД

Аднак, пэўна, прыйдзе, падумаў Мiндоўг, калi даўмеўся аб'яднаць чарнiгаўскую сiлу з валынскай праз жанiцьбу бранскага княжыча з валынскай князёўнаю. Нiчога добрага для Наваградка пасля такога вяселля не народзiцца. Лепш засцерагчыся i разбурыць магчымы саюз, думаў Мiндоўг. Жыццё князёў i княстваў на шалях ляжыць: адзiн узмацнiцца - другi саслабее, адно землямi прырасце - другое землi страцiць. Хочаш мець больш, даводзiцца ў кагосьцi адняць. Адзiн у аднаго i адбiраюць. Хто слабейшы, таго першага i абскубуць. I жонку забяруць, i працаваць на сябе прымусяць. Расплюшчыць трэба бранцаў, тады валыняне будуць цiха сядзець. Няма мiру на зямлi i не можа быць мiру. Хочаш для сябе мiру - сам выпраўляйся вайной. Мазураў супакоiлi, трэба бранцаў супакоiць. Вось чым князь ад iншых людзей рознiцца - ён прадбачыць i вырашае. Вось дзесьцi далёка iмчыць гэтай ноччу ганец. Нiкому ён адзiнокi не пагроза. Таму спакойна стаiць варта, неразбудна спiць мечнiк Радвайла, цiха крыўдуе Агна. А князь думае: чаго гэта iмчыць ноччу вястун з Валынi ў Бранск? Хто паслаў, з якой мэтай? Усе спяць, а князь думае, i чуе голас баявога рога, подых вайны. А на супрацьлеглым боку свету, хоць нiхто там не скача, але гарыць святло ў пакоях ордэнскага магiстра, i збiраюцца да яго комтуры з усiх крыжацкiх цвердзяў. А мне што за справа, скажа на гэта мечнiк Радвайла цi просты кмет. А князь так не скажа, ён мусiць адгадаць мэту сходкi. Можа iхная мэта - нечакана ўдарыць на прусаў Мантуса, тады i ён, Мiндоўг, саслабее. Нашто ж яму трэба слабець, лепш немцам крыло падрэзаць. Ды не толькi сваiм нажом. Варта князя Аляксандра з Ноўгарада прыцягнуць да выправы. Ганца паслаць, сустрэцца так, каб нiхто не ведаў, дамовiцца калi ды якой сiлай напасцi...

Гэты ёмкi клопат заняў думкi князя, i побач з iм крыўды Агны, яе кпiны i абыякавасць, страцiлi для Мiндоўга важнасць. Марта год звыкалася, думаў ён, i сястра малодшая нiкуды не дзенецца, прызвычаiцца шанаваць.

14

Зiма выдалася марозная, частыя завеi непралазна закрылi ўсе дарогi да немцаў i да iх, i месяцы ад калядаў да вялiкадня прайшлi для наваградцаў мiрна. А вясной, калi растае снег i разлiваюцца рэкi, вайны не пачынаюць няма дзе прайсцi коннаму i пешаму войску. Таму i зiму, i вясну нiхто не наязджаў, самi па лупы не хадзiлi, толькi на ловы ў пушчу выпраўляўся Мiндоўг, калi заядала яго нуда замкавай аднастайнасцi.

Агна ў тыя днi, калi князь ад'язджаў паляваць, чакала, што яго прывязуць у замак забiтага. Ажэнiцца Даўмонт наноў цi не ажэнiцца - ягоная справа, але ён абавязаны адпомсцiць. Нiхто не аддасць Даўмонту сваю дачку, пакуль ён не адпомсцiць за першую жонку. I мроiлася ёй, як Даўмонт тоiцца ў лесе i выпускае стралу ў разбуральнiка iхнага жыцця. Але князь вяртаўся цэлы. Ацэньваючы вышыню сумётаў i стойкi мароз, Агна разумела, што гэтакай смерцi Мiндоўга чакае дарэмна. Адкуль Даўмонту ведаць, калi збярэцца вялiкi князь на ловы, дзе яго трэба чакаць. Не можа ж ён у лютыя маразы месяцамi сядзець у засадзе. Але супроць разумных высноваў трапятала ў сэрцы надзея на ўдачу, калi двор чакаў вяртання князя з пушчы. "Няўжо так i застанецца ўсё, пакуль Мiндоўг сам па сабе не сканае?" - тужлiва думала яна. Чакаць сабе волi месяц за месяцам, а можа i год за годам, гаспадарыць у ненавiсным замку на правах цёткi, прымаць паклоны ад чэлядзi як князевай жонцы. Зашмаргу ён для мяне сплёў, думала Агна.

Зiмовыя днi яна бавiла за кроснамi - ткала посцiлку, каб заглушыць працай горасць неадступных думак. Страцiўшы князеў дарунак, захаваўшы волю, Агна паспакайнела, i ў гэты час паявiлiся ў яе суразмоўнiцы - дзве мазуркi, якiх удзень выпускалi з камораў, каб не акалелi там з холаду. Звалi iх Ванда i Малгажата. Ванду павiнен быў выкупiць бацька, ужо прыязджалi ад яго ўдакладняць выкуп. Малгажата была замужняя, i ў Варшаве застаўся яе трохгадовы сын. Яна была ўпэўненая, што яе выкупiць муж. За паўгода палону мазаўшанкi схуднелi, адзенне збузавалася, валасы вiселi патламi, а больш за ўсё iм хацелася есцi. Князь на Агнiну просьбу змянiць паланянкам адзенне адказаў так:

- Калi iхныя сваякi даведаюцца, што iх кормяць, мыюць, даюць вопратку, iх нiколi не выкупяць. Сваякi, каб ты ведала, не надта шкадуюць тых, каго ў палоне шкадуюць.

- Хiба больш пашкадуюць, - запярэчыла Агна, - калi ўбачаць ссохлых, няскрэбеных, у лахманах, паедзеных вошамi ды блашчыцамi? Наадварот, падумаюць: што выкупляць - шкiлет?

Князь падумаў i пагадзiўся напалову:

- Калi такая чуллiвая - нагрэй iм вады.

У кухнi за печчу мазуркi ўпершыню з лета памылiся. "Пан Езус, - казала Малгажата, - нiколi не думала, што буду шчаслiвая, стоячы ў балеi з цёплай вадой. Калi муж выкупiць, месяц адсяджу ў лазнi. Паем - i на палок. Абальюся вадой - i зноў есцi. Вось якiя цяпер мары - як у бяздомнага сабакi. Раней бывала прачнуся - Пане Божа, у касцёл трэба бегчы, там iмша, як жа без мяне, ксёндз будзе крыўдаваць, Пан Бог не даруе. Цяпер прачнуся i думаю - Божа, дзе мне сёння лустачку хлеба выклянчыць. Палову цела страцiла. Сядзець няма на чым. Косцi пад скурай грукочуць. А раней я мажная была кабета. Муж не пазнае, абдымаць пабаiцца..."

Мужу Малгажаты было за пяцьдзесят, ёй - дваццаць тры. Малгажата знарок казала, што толькi так i трэба замуж iсцi: муж яе кахае, усё, што яна жадае, для яе робiць, а калi хутка памрэ, дык ў яе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. "Тады новага старога заваражу, - распавядала яна пра свае далёкiя разлiкi, - потым трэцяга. Але каб бяздзетныя былi. Каб мой сын стаў багатым наступнiкам. А галоўнае - каб толькi не мазуры. Лепш за каго з кракавякаў - далей ад прусаў i лiтвы, каб наездаў не баяцца, зноў не трапiць у палон. Таямнiца ўлады над тымi, хто паважанага веку, магу паведаць, можа калi прыдасцца, вельмi простая - пяшчотнае слова на дзень. Гэта для iх як мёд. А дзе мёд - там i мухi".

А Ванда марыла па вяртаннi дадому пайсцi ў касцёл, месяц, на каленях стоячы, малiцца перада абразом Панны Нябеснай, каб сцерлiся з памяцi перажытыя жахi. Ноччу сняцца жудасныя сны, удзень жыць не хочацца. Вусцiшна! Пойдзеш замуж, народзiцца дзiця i дрыжы ўсё жыццё, што наедзе яцвяг, спалiць хату i двор, заб'е мужа, забярэ сына ў палон. Лепш у кляштар падацца, сядзець за сценамi, не ведаць i не бачыць гэтых жахаў. А мы, яцвягi, пакрыўджана пярэчыла Агна, баiмся, што наедзе мазур, абрабуе, заб'е, забярэ ў палон. Як маiх бацьку i мацi забiлi. "Усе мы злыя, - адказвала дзеля замiрэння абедзвюх Малгажата, i лiтва, i кракавякi, i рыцары нашы, i мы, бабы. Не прыгадаю выпадку, каб хоць адна сказала мужу пасля наезду: "Навошта ты мне нарабаванае прывёз? Яно ўсё ў чужых слязах. Кiнь на дарогу, няхай жабракi падымуць". Не, чужую свiтку прымервае, чужыя завушнiцы, пярсцёнкi надзене, чужымi футрамi шубу падшые, чужым жытам сваю сям'ю кормiць, а мужа ўхвалiць - зух, шмат прыдбаў, гаспадарлiвы i клапатлiвы. Можа, каму i лепш будзе ў кляштары. А мне не надта хочацца. Я паесцi люблю, у мяне пярына была, узаб'еш - вышынёй з локаць. Вярнуся, усе гусi будуць голыя хадзiць, але пярыну наб'ю пад столь. Змарылася на саломе, як кабыла, спаць..."

Часцяком заходзiў да iх у пакой Мiндоўг павучыцца, як ён тлумачыў, мазурскай мове. Але, хутчэй, яго цiкавiла пабыць сярод маладых жанчын. Тады i сыны з iм прыходзiлi i сядалi побач бацькi на лаўку браць урок. Утраiх яны паўтаралi за Малгажатай i Вандай пад гудзенне калаўротаў i стук набiлiцаў на кроснах: "Жычымо дужо здровя", "Iле ест гвязд на небе?", "На двожэ мруз, пшы пецы пшыемна", "Словiк спева на шчэнсьце, врона - на смутэк", "Крэв в жылах сень сьцiна". Неяк назiральны Мiндоўг прыкмецiў, што Агна змянiла на кроснах узор.

- Новая посцiлка? - спытаў ён без асаблiвай цiкавасцi.

- Не. Спаднiца знасiлася, трэба змянiць.

- Хiба, адну маеш? - не ўразумеў ён. - Няма ў кубэлку?

- Гэта не мае, - адказала Агна. - Маё ў Крэве.

Князь нiбы спачувальна кiўнуў, але, адзначыла Агна, раздражнiўся. Пэўна, сам на сябе, што раней не прыгадаў пра яе маёмасць, што засталася на памяць першаму мужу.

Назаўтра прыйшоў да яе разанец Астап з пытаннем:

- Што прывезцi? Князь па твае рэчы пасылае.

- Нiчога! - адмовiлася Агна, разумеючы, што Мiндоўг вырашыў яшчэ раз прынiзiць Даўмонта. - Нiчога ты не прывязеш. Нiчога ён не верне. Дарэмна едзеш.

- Блага мне памiж двух агнёў стаяць, - адказаў на гэта Астап.

Вярнуўся ён праз тры днi са скрыняю, бязладна набiтаю яе свiткамi, спаднiцамi, кашулямi, посцiлкамi i абуткам.

- Нашто ўзяў? - спытала Агна.

- Ты можаш з князямi спрачацца, - растлумачыў ён. - Мне не дазволена. Даўмонт сказаў забраць. Ужо напагатове скрыня ў сенцах стаяла.

Разбiраючы свае рэчы, над кожнай яна ўсплакнула, прыгадваючы, што мацi для яе ткала, што сама ткала, што з бабамi ткала на Даўмонтавым двары. Падыспадам паказаўся ручнiк, якi яна сама саткала i падаравала Даўмонту на вяселле. Не толькi гэтым ён быў дарагi ёй i павiнен быў быць дарагiм Даўмонту. У татарскi наезд Бурундая, калi яны хавалiся ў пушчы, яна гэтым ручнiком перавязвала Даўмонту раны. На льне i засталiся бурымi плямамi сляды ягонай крывi. Усё ён вярнуў. Быццам пахаваў. Вымецены яе сляды з ягонай хаты...

I здалася ёй скрыня труной. Рассыпалiся апошнiя надзеi вярнуцца ў Крэва, паплакаць на Перуновай гары аб заканчэннi пакутаў. Прыслаў ёй Даўмонт акаваную дамавiну - прыбярыся, былая жонка, у святочнае, кладзiся i заплюшчы вочы навечна. Хiба яе вiна, што ў Мiндоўга вялiкая сiла, а ў Даўмонта малая? Ахова не абаранiла, сам прыцярпеўся, нявесту шукае, а ёй дае волю: хочаш - жывi па сэрцы, хочаш - па хiтрым розуме, а не хочаш - вазьмi ды памры. Чыё сэрца, думала яна, супакоiла б ейная смерць? Мiндоўгу не дастанецца, марна стары князь грашыў, зноў яму развiтвацца з жонкай, сядзець пры дамавiне, стаяць ля свежай магiлы. Зацёр яе сляды князь Даўмонт, пагадзiўся назваць сваю жонку жонкай Мiндоўга. А калi i трымае памяць, дык злосную - як падставу помсцiць вялiкаму князю. За сваю меншую ўладу, меншую дружыну, за знявагу. Пра ейны боль не ўзгадае. Даўмонт забыўся на яе, трэба ёй на яго забыцца. Не адновiцца iхнае жыццё, двойчы той самы ручнiк не даруюць. Няхай i будзе гэтак, як ён вырашыў. Веда пакiнула ёй сыноў, стануць яны яе прыёмныя дзецi - адзiныя сваякi на свеце, iншых не засталося...

1 ... 13 14 15 16 17 ... 22 ВПЕРЕД
Комментариев (0)
×